Рус Бел Eng De Cn Es Ar
кошыкбол 2016
"Калі ты не бегаеш, пакуль здаровы, прыдзецца пабегаць, калі захварэеш", – лічыў старажытнарымскі паэт Гарацый. Без сумневу, нашы сённяшнія героі здолеюць захаваць здароўе на доўгія гады, бо іх фізічнай вынослівасці і актыўнасці можна толькі пазайздросціць. 
З нагоды Сусветнага дня здароўя 7 красавіка наш універсітэт вырашыў правесці таварыскі матч па баскетболе. Цікавостка ў тым, што знаходлівыя філфакаўцы вынайшлі для звыклай нам гульні новую назву – кошыкбол, палічыўшы, відавочна, што някепска было б замяняць запазычанні тыпова беларускімі словамі. У спорткомплексе "Універсітэцкі" сустрэліся дзве моцныя групы гульцоў – каманда філалагічнага факультэта пад мудрым кіраўніцтвам Івана Сямёнавіча Роўды і каманда факультэта філасофіі і сацыяльных навук, узначаленая намеснікам дэкана Юрыем Генадзьевічам Чэрнякам. Спачатку капітаны каманд узялі ўступнае слова. Яны адзначылі важнасць аховы здароўя, выказалі спадзяванні, што спорт будзе і далей найлепшым сродкам для захавання моцы цела і духу, а кошыкбол – годнай традыцыяй і прыемным баўленнем часу як для аматараў, так і для бывалых спартсменаў. Энергічны трэнер нашых гульцоў, доктар філалагічных навук Барыс Юстынавіч Норман, пажадаў прысутным даўгалецця і параіў заўжды сябраваць са спортам. Каманда па чэрлідынгу DanStart BSU задала бадзёры тон перад пачаткам матча.
Нарэшце на пляцоўку выйшлі "кошыкбольшчыкі". Пасля знаёмства з імі суддзя даў свісток, і гульня пачалася. З першых імгненняў прысутныя зразумелі, што барацьба будзе напружанай. Сітуацыя змянялася літаральна кожную секунду. Каментатары матча ледзь паспявалі за дзеяннямі гульцоў, але выдатна спраўляліся са сваёй задачай, аператыўна і эмацыйна апісваючы ход гульні. Тым не менш, па выніках першага тайма філфак вёў з лікам 14:11. Але ні ў кога не было сумненняў, што ФФСН гатовы ўзяць рэванш. 
Падчас тайм-аўта з рытмічным танцам на пляцоўку завіталі дзяўчаты з філалагічнага факультэта. Каб не дазволіць заседзецца заўзятарам, каментатары матча правялі для іх конкурс на праверку спрыта і хуткай рэакцыі. Пераможца атрымала не зусім здаровы, але ад гэтага не менш смачны падарунак. 

Пасля музычна-спартыўнай паўзы барацьба працягнулася. Адпачыўшы, удзельнікі з новымі сіламі ўключыліся ў гульню, і зноў жа ўсё было вельмі непрадказальна. З перавагай у адно ачко выігравала каманда філалагічнага факультэта, але на апошніх секундах гульцы з ФФСН здолелі зраўняць лік і тым самым даць перамагчы сяброўству, якое, варта адзначыць, таксама грае не апошнюю ролю ў захаванні здароўя. Такім чынам, фінальны лік матча – 29:29. Было відавочна, што гульцы задаволеныя як працэсам, так і вынікам. 
Напрыканцы матча прысутных парадавалі музычнымі падарункамі студэнткі філалагічнага факультэта Яна Кулік і Яна Паўлоўская. У зале панавала атмасфера натхнення і бадзёрасці. Жадаем удзельнікам, заўзятарам, і ўсім, хто завітаў сёння на кошыкбол, здароўя, энергіі і аптымізму! Памятайце: у здаровым целе здаровы дух!

Нiжэй можна паглядзець як гэта было:

кошыкбол

кошыкбол

кошыкбол

кошыкбол

кошыкбол

кошыкбол

кошыкбол

кошыкбол

кошыкбол

кошыкбол