Навукоўцы БДУ прынялі ўдзел ва II міжнародным форуме "Развіццё парламентарызму". Мерапрыемства завяршылася 3 ліпеня ў Маскве. Яго ўдзельнікамі сталі каля 800 парламентарыяў, экспертаў, навукоўцаў са 132 краін большасці рэгіёнаў свету
– Еўропы, Азіі, Афрыкі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. У склад дэлегацыі беларускай ВНУ ўвайшлі прарэктар па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях
Вольга Чупрыс і дэкан
факультэта філасофіі і сацыяльных навук (ФФСН) Вадзім Гігін.
Ключавая задача форуму заключалася ў пошуку эфектыўных законатворчых рашэнняў і адказаў на глабальныя выклікі, абмеркаванні сумесных прававых ініцыятыў, агульных для парламентаў розных краін.
Галоўнымі тэмамі форуму сталі міжнародная бяспека і стабільнасць, развіццё лічбавай эканомікі, моладзевая і экалагічная палітыка, перспектывы працы міжпарламенцкіх інстытутаў. Гэтыя пытанні былі разгледжаны ў рамках пленарных пасяджэнняў, тэматычных секцый, панэльных дыскусій і круглых сталоў.
Прарэктар БДУ Вольга Чупрыс выступіла з дакладам на секцыі "Законатворчасць і прававая аснова лічбавай будучыні: выклікі і рашэнні". Яна распавяла пра досвед і спецыфіку падрыхтоўкі IT-спецыялістаў у вядучай ВНУ Беларусі і звярнула ўвагу ўдзельнікаў форуму на важнасць адукацыйнага кампанента пры вырашэнні пытанняў развіцця лічбавай эканомікі розных краін і пераадолення магчымых сацыяльных наступстваў лічбавізацыі. Эфектыўная сістэма IT-адукацыі павінна, па меркаванні эксперта БДУ, вырашаць комплекс задач. У іх ліку падрыхтоўка спецыялістаў, якія цалкам задавальняюць запатрабаванні IT-працадаўцаў, міждысцыплінарнае навучанне кадраў для IT-галіны, а таксама фарміраванне кампетэнцый з галіны псіхалогіі, асноў кіравання, эканомікі, права, этыкі. Важная роля ў рэалізацыі пазначаных задач адводзіцца класічным універсітэтам і створаным на іх базе навукова-навучальна-вытворчым кластарам з прыцягненнем IT-кампаній. Кластары могуць стаць унікальнай пляцоўкай для правядзення навуковых даследаванняў, стварэння глабальных тэхналагічных трэндаў у галіне лічбавай трансфармацыі. "Паспяховая рэалізацыя праекта "Лічбавая будучыня" непасрэдна звязана з пытаннямі IT-адукацыі", – рэзюмавала Вольга Чупрыс.
Дэкан ФФСН Вадзім Гігін выступіў з дакладам "Мінскі працэс: перспектывы парламенцкага вымярэння" на секцыі "Міжнародная бяспека: дыялог заканадаўцаў для свету і стабільнасці". Таксама ён прыняў удзел у круглым стале "Медыявойны: як перамагчы фэйк-ньюс" з паведамленнем пра ролю адукацыйных тэхналогій у павышэнні медыяпісьменнасці.
Асаблівасць другога форуму заключалася ў шырокім экспертным прадстаўніцтве. Абмеркаванне ўключаных у парадак дня пытанняў прайшло з удзелам навуковых розных краін, членаў-карэспандэнтаў РАН, прадстаўнікоў МДІМА і МДУ імя М. В. Ламаносава, палітычных і грамадскіх дзеячаў.
