Студэнты ФМА БДУ выступілі валанцёрамі на міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню "Барацьба з тэрарызмам з дапамогай інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і найноўшых тэхналогій". Мерапрыемства завяршылася 4 верасня ў Мінску з удзелам прыблізна 60 дэлегацый з больш чым 50 краін. Мэтай форуму стала абмеркаванне шматбаковых высілкаў і выпрацоўка рашэнняў на глабальным, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях па барацьбе з тэрарыстамі ва ўмовах большай даступнасці і росту складанасці выкарыстоўваных тэхналогій.
Адкрыў канферэнцыю Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер і яго намеснік, кіраўнік Контртэрарыстычнага ўпраўлення ААН Уладзімір Варанкоў, старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў і інш. У рамках канферэнцыі адбылася праца трох сесій. Тут удзельнікі разгледзелі пытанні прымянення тэрарыстамі новых тэхналогій і штучнага інтэлекту, абмеркавалі падыходы і стратэгіі процідзеяння тэрарыстычнай прапагандзе і неправамернаму выкарыстанню дасягненняў тэхналагічнага прагрэсу.
На працягу двух дзён форуму студэнты ФМА былі задзейнічаны ў Нацыянальным выставачным комплексе "БелЭкспа" і ў “Прэзідэнт-Атэлі”, дзе прайшлі тэматычныя сесіі з удзелам экспертаў. На працягу мерапрыемства валанцёры сустракалі высокіх гасцей, рэгістравалі ўдзельнікаў, падавалі ім неабходную інфармацыю і займаліся арганізацыяй тэматычных сесій. На заключнай сесіі форуму выступіў кіраўнік каманды валанцёраў БДУ чацвёртакурснік ФМА Дзмітрый Бялько. Ён адзначыў каштоўнасць удзелу моладзі ў абмеркаванні такой глабальнай праблемы, як міжнародны тэрарызм: "Моладзь – гэта 18 % насельніцтвы планеты, але 100 % яе будучыні".
У сваю чаргу, эксперты выказалі падзяку камандзе валанцёраў ФМА БДУ і адзначылі іх працу як дакладную, суладную і добра арганізаваную.
Адзначым, у рамках удзелу ў форуме генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер і памочнік генеральнага сакратара ААН, выканаўчы дырэктар Контртэрарыстычнага камітэта Савета бяспекі ААН Мішэль Конінкс наведалі БДУ, дзе выступілі з лекцыямі перад студэнтамі і выкладчыкамі ФМА.
