Унікальнае шматфункцыянальнае інтэлектуальнае пасведчанне супрацоўніка ўвялі ў БДУ. Першыя дакументы ўжо ўручаны спецыялістам падраздзяленняў ВНУ. Новае пасведчанне сумяшчае сродак радыёчастотнай ідэнтыфікацыі высокага ўзроўню бяспекі дадзеных і міжнародную аплатную карту MasterCard з бесправадным інтэрфейсам. Новая тэхналогія забяспечвае прапускную сістэму на тэрыторыі ўніверсітэта і магчымасць абслугоўвацца ў любым пункце Фундаментальнай бібліятэкі. Акрамя таго, з дапамогай пасведчання можна ажыццяўляць розныя разлікі ў інтэрнэце, пакупкі з выкарыстаннем мабільнага тэлефона, бескантактна аплачваць праезд у метро і г. д.
Сумешчаны дакумент па фармаце не адрозніваецца ад звычайнай аплатнай карты. На асабовым боку ўтрымліваюцца дадзеныя супрацоўніка: фатаграфія, нумар пасведчання і банкаўскай карткі. У верхнім правым куце размешчана сімволіка БДУ і Міністэрства адукацыі Беларусі, а ў левым – лагатып банка.
Укараненне шматфункцыянальнага пасведчання дазволіць зэканоміць фінансавыя сродкі за кошт адмовы ад выдачы стандартнага дакумента асобна ад аплатнай пластыкавай карткі.
Праект па інтэлектуальных ідэнтыфікацыйных картах для супрацоўнікаў у БДУ пачалі рэалізоўваць у 2015 годзе. Тады было выдадзена 100 інавацыйных пасведчанняў. Па выніках апрабацыі спецыялісты перапрацавалі і пашырылі сэрвісную частку пасведчання. Зараз з яго дапамогай можна атрымаць доступ да розных паслуг карпаратыўнай сеткі БДУ. У новым дакуменце таксама вырашылі адмовіцца ад прыкладання электроннага лічбавага подпісу на кантактным мікрачыпе, яго выкарыстанне выявілася немэтазгодным. Таксама прапрацавана пытанне аўтаматызацыі масавай выдачы новага пасведчання ўсім супрацоўнікам БДУ
Новаўвядзенне з'яўляецца сумеснай інавацыйнай распрацоўкай Цэнтра інфармацыйных тэхналогій БДУ і “Белінвестбанка”. Рэалізацыя праекта выканана ў рамках Стратэгіі лічбавай трансфармацыі БДУ, прынятай у 2018 годзе. За гэты перыяд у вядучай ВНУ таксама былі ўкаранёныя аўтаматызаваная сістэма "Рэйтынг ПВС БДУ", шматфункцыянальны студэнцкі квіток, сумешчаны з банкаўскай аплатнай карткай, электронныя заліковая кніжка, журнал куратара, расклад заняткаў, індывідуальны план выкладчыка, а таксама сістэма карпаратыўнай відэаканферэнцсувязі.