Факультэту філасофіі і сацыяльных навук БДУ спаўняецца 30 гадоў! Да знамянальнай даты падрыхтавана юбілейная праграма. Стартуе святкаванне 23 верасня ўрачыстай цырымоніяй адкрыцця дошкі пашаны студэнтаў ФФСН (вул. Кальварыйская, 9, хол 5 паверха). Пачатак у 11.20. На дошку будуць занесены імёны 12 навучэнцаў за дасягнутыя высокія вынікі ў вучобе, спорце і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці факультэта і ўніверсітэта.
Галоўнай падзеяй стане пашыранае пасяджэнне савета факультэта. Адбудзецца яно 25 верасня (вул. Захарава, 28, Дом дружбы). Пачатак у 12.00. У лік гасцей увойдуць кіраўніцтва БДУ, выкладчыкі і супрацоўнікі ФФСН, прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі і інфармацыі, а таксама ВНУ і ўстаноў-партнёраў. У рамках пасяджэння адбудзецца ўзнагароджанне прафесарска-выкладчыцкага складу падзякамі рэктара, ганаровымі граматамі, граматамі і падзякамі БДУ, профільных ведамстваў, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, НАН Беларусі і інш.
Працягнецца юбілейная праграма 26-27 верасня Міжнароднай навуковай канферэнцыяй "Філасофія і сацыяльныя навукі ў сучасным свеце". Яе ўдзельнікамі стануць філосафы, сацыёлагі, псіхолагі, спецыялісты па сацыяльнай камунікацыі, сацыяльнай працы і рэабіліталогіі з ВНУ Азербайджана, Беларусі, Ізраіля, Іспаніі, Кітая, Польшчы, Расіі, Славакіі, ЗША, Украіны і Эстоніі.
Акрамя таго, да святкавання 30-годдзя ФФСН прымеркавана V Міжнародная студэнцкая алімпіяда па псіхалогіі "ПсіАлімп–2019”. Фінал змагання адбудзецца 5 снежня. Правядзенне алімпіяды накіравана на развіццё прафесійных здольнасцяў у будучых псіхолагаў і прыцягненне таленавітай моладзі да навукова-даследчай дзейнасці.
Таксама ў рамках юбілейных дзён пройдуць розныя конкурсы, квесты, навукова-практычныя мерапрыемствы.
З праграмай можна азнаёміцца на
сайце ФФСН.
Даведка. Факультэт філасофіі і сацыяльных навук створаны ў 1989 годзе як філасофска-эканамічны факультэт (ФЭФ). Першым яго дэканам стаў Альберт Мікалаевіч Елсукоў. У сакавіку 1999 года ФЭФ ператвораны ў два факультэты: эканамічны, а таксама філасофіі і сацыяльных навук.
Сёння ў структуру факультэта ўваходзіць сем кафедраў, дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка па пяці спецыяльнасцях першай ступені атрымання адукацыі і чатырох – другой. Сярод 127 супрацоўнікаў ФФСН 2 члены-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, 11 дактароў і 66 кандыдатаў навук. За 30-гадовую гісторыю факультэта яго выпускнікамі сталі звыш 6000 маладых спецыялістаў у галіне філасофіі, сацыялогіі, псіхалогіі і сацыяльных камунікацый. У наш час на ФФСН праходзяць навучанне каля 1500 студэнтаў.