Дэлегацыя правінцыі Цзянсу (КНР) наведала БДУ. У яе склад увайшлі прадстаўнікі Цэнтра развіцця навукі і тэхналогій, Універсітэта навукі і тэхналогій, а таксама кіраўніцтва вядучых кампаній. Візіт у беларускую ВНУ абумоўлены ўсталяваннем супрацоўніцтва ў галіне навукі.
Ад БДУ ў сустрэчы прынялі ўдзел прарэктар па навуковай рабоце Васіль Сафонаў, дырэктар “Унітэхпрам БДУ” Павел Бычкоўскі, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення навукі-начальнік аддзела арганізацыі і суправаджэння інавацыйнай дзейнасці Алег Янкоўскі і начальнік упраўлення міжнародных сувязяў Аляксандр Жук.
Гасцей азнаёмілі са структурай і кадравым складам БДУ, яго пазіцыямі ў міжнародных рэйтынгах. Дэталёва была прадстаўлена дзейнасць навуковых інстытутаў ВНУ і іх дасягненні ў розных галінах. Кітайскім калегам прадэманстравалі супрацьпухлінныя прэпараты "Цысплацэл", "Праспідэлонг" і "Тэмадэкс", ядомыя ўпаковачныя плёнкі, розныя дэзінфектанты, ультрачорныя плёнкі, імпульсныя крыніцы сілкавання, сарбенты для ачысткі вады, універсітэцкі нанаспадарожнік BSUSat-1, алгарытмы па крыпталогіі і крыптаграфіі ў галіне абароны інфармацыі і інш. Таксама Павел Бычкоўскі распавёў пра спецыфіку працы ўзначаленага ім прадпрыемства, асноўныя кірункі і вытворчасць лекавых прэпаратаў, медыцынскага абсталявання, вымяральных і вылічальных прыбораў, харчовых узбагачальных дадаткаў і інш.
Госці высокага ацанілі навуковы патэнцыял БДУ, шырокі спектр яго дзейнасці і выказалі спадзяванне на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва.




