Каля 20 навукова-тэхнічных распрацовак прадставіць БДУ на Міжнароднай выставе International Engineering & Machinery Asia Exhibition (IEMA). Мерапрыемства пройдзе з 26 па 28 верасня ў г. Лахор (Пакістан). Інавацыі БДУ ўвойдуць у калектыўны стэнд Нацыянальнай экспазіцыі навукова-тэхнічных распрацовак Беларусі.
З дэталізаванай інфармацыяй пра навуковыя дасягненні беларускай ВНУ ў галіне прыборабудавання і аўтаматызацыі, іх канкурэнтныя перавагі, тэхнічныя характарыстыкі можна будзе пазнаёміцца пасродкам тэматычных плакатаў, мультымедыйных прэзентацый, відэаролікаў. У прыватнасці, у Пакістане прадэманструюць "Рэгістратар параметраў руху ліфтавага абсталявання В-590 ПАЛТУС". Гэта партатыўная прылада з індыкатарам, клавіятурай, аўтаномным сілкаваннем і магнітнымі трымальнікамі. Выкарыстоўваецца для правядзення тэхнічнай праверкі пасажырскіх і грузавых ліфтаў, пад'ёмнікаў, будаўнічыя кранаў і інш. Апарат вымярае таксама вібрапаскарэнне, лінейную хуткасць рухомых аб'ектаў.
Экспанатам выставы стане "Высокатэмпературны аптычны тэрмаграф ІТ-3СМ". Ён прызначаны для вымярэння тэмпературы гарачых прадметаў у дыяпазоне тэмператур ад +900 да +1300°С. Прыбор можна выкарыстоўваць у складзе вытворчых і эксперыментальных установак падчас бесперапыннага кантролю тэмпературы металаў пры каванні, штампоўцы, пракаце, наладцы і г.д.
Наведнікі выставы пазнаёмяцца таксама з распрацоўкай "Прылада дыстанцыйнага маніторынгу перасоўвання мабільных аб'ектаў АГЕНТ В-602". Выкарыстоўваецца прыбор для вызначэння месцазнаходжання кантраляванага аб'екта і перадачы навігацыйнай і кантрольнай інфармацыі з дапамогай сотавай сувязі. Прыбор валодае высокай устойлівасцю да перападаў напружання сілкавання, перашкод, знікненняў сігналаў.
Праграма выставы ўключае правядзенне перамоў паміж удзельнікамі мерапрыемства па пытаннях магчымага супрацоўніцтва.
Даведка. Міжнародная комплексная прамысловая выстава International Engineering & Machinery Asia Exhibition (IEMA) з'яўляецца найбуйнейшым выставачным мерапрыемствам рэгіёна для дэманстрацыі найшырокага пераліку прамысловага абсталявання і тэхнікі. У 2018 годзе ў выставе прынялі ўдзел 200 экспанентаў з 14 краін свету. Асноўнымі тэматычнымі раздзеламі IEMA з'яўляюцца: энергетыка, новыя крыніцы энергіі, энергазахавальныя тэхналогіі і абсталяванне; станкі, зварачнае абсталяванне, гідраўліка і пнеўматыка; тэкстыльнае абсталяванне, фарбавальнікі і пігменты, новыя тэхналогіі лічбавага друку на тканіне; абсталяванне і паслугі для металургічнай і горназдабыўной прамысловасці і інш.