У Сумесным інстытуце Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта і БДУ (СІДБ) адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця новага навучальнага года. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі Канстанцін Казадаеў, дэкан механіка-матэматычнага факультэта Дзмітрый Мядзведзеў, намеснік дэкана па навучальна-выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях фізічнага факультэта Людміла Ляшэнка, а таксама кіраўніцтва і супрацоўнікі СІДБ.
Сёлета ў СІДБ паступіла 78 студэнтаў. З іх 40 - на спецыяльнасць "інжынерная механіка" і 38 пройдуць падрыхтоўку па "прыкладной фізіцы". Першакурснікам былі ўручаны студэнцкія квіткі і значкі БДУ. Усяго ў СІДБ на дадзены момант навучаюцца 244 студэнты, з іх 8 студэнтаў з БДУ.
Таксама ў рамках цырымоніі прайшла працоўная сустрэча, дзе бакі абмеркавалі пытанні далейшага развіцця інстытута, актывізацыі навуковых даследаванняў, адкрыцця сумесных праграм магістратуры па матэматыцы, механіцы, фізіцы і эканоміцы.
Даведка.
Сумесны інстытут Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта і БДУ створаны ў 2017 годзе. У яго склад уваходзяць тры факультэты: прыкладная фізіка, інжынерная механіка, матэматыка і прыкладная матэматыка. Сумесная адукацыйная ўстанова функцыянуе ў г. Далянь (КНР). Першы навучальны год пачаўся 1 верасня 2017 года для 79 кітайскіх грамадзян. Іх навучанне ажыццяўляецца па дзвюх спецыяльнасцях: "прыкладная фізіка" і "інжынерная механіка". Навучанне і абарона дыпломаў ажыццяўляецца ў ДПУ на англійскай мове. Выпускнікі сумеснага беларуска-кітайскага ўніверсітэта атрымаюць два дыпломы: ДПУ і БДУ.
У верасні бягучага года на базе БДУ адбыўся першы набор навучэнцаў у Сумесны інстытут БДУ-ДПУ па спецыяльнасцях "механіка і матэматычнае мадэляванне", "фізіка (вытворчая дзейнасць)" і "сусветная эканоміка". Падрыхтоўка студэнтаў будзе весціся на першых двух курсах на рускай мове, а з 3 курса шэраг дысцыплін - на англійскай. Мяркуецца таксама вывучэнне кітайскай мовы на базавым узроўні. Выпускнікі сумеснага беларуска-кітайскага інстытута атрымаюць два дыпломы: БДУ і ДПУ.



