Двухдзённая Міжнародная навуковая канферэнцыя "Філасофія і сацыяльныя навукі ў сучасным свеце" стартуе 26 верасня ў БДУ (вул. Кальварыйская, 9). Пачатак у 10.00. Форум прымеркаваны да 30-годдзя факультэта філасофіі і сацыяльных навук (ФФСН) ВНУ. На пленарным пасяджэнні выступяць дэкан ФФСН Вадзім Гігін, загадчык кафедры сацыялогіі камунікатыўных сістэм сацыялагічнага факультэта МДУ імя М. В. Ламаносава Агамалі Мамедаў, дырэктар Эстонскага архіва дадзеных сацыяльных навук Інстытута сацыяльных даследаванняў Тартускага ўніверсітэта Рэйн Муракас і інш.
Усяго ўдзельнікамі канферэнцыі стануць больш за 100 даследчыкаў з Азербайджана, Беларусі, Ізраіля, Іспаніі, Польшчы, Расіі, Славакіі, ЗША, Украіны і Эстоніі. Навуковыя даклады будуць прадстаўлены ў сямі секцыях, сярод якіх "Метадалагічны патэнцыял сучаснай філасофіі", "Сучасныя падыходы ў тэорыі і практыцы псіхалагічнага кансультавання", "Камунікацыя ў сацыяльна-гуманітарных ведах, эканоміцы, адукацыі" і інш.
У другі дзень, 27 верасня, форуму пройдуць адкрытыя майстар-класы для ўсіх ахвотнікаў (вул. Кальварыйская, 9, аўд. 18а і аўд. 738). Пачатак у 10.00. Старшы навуковы супрацоўнік Універсітэта імя Бэн-Гурыёна ў Негеве (Ізраіль) Наталля Хварасцьянава распавядзе пра фактары, якія ўплываюць на лад жыцця пажылых людзей, і метады іх сацыяльна-псіхалагічнай падтрымкі. Другі майстар-клас "Дыягностыка эмацыйнай стратэгіі ўзаемадзеяння чалавека са светам у кансультатыўнай практыцы" правядзе дацэнт Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Т. Шаўчэнкі Святлана Васькоўская. Падчас працы слухачы пазнаёмяцца з алгарытмамі ўсведамлення канфліктных перажыванняў і барацьбы з імі.
Таксама ў рамках канферэнцыі адбудзецца лекцыя прафесара факультэта масавай камунікацыі Масачусецкага ўніверсітэта (ЗША) Донала Карбо (аўд. 528). Пачатак у 14.00. Даклад "Нябачнае недаразуменне: дэкадзіраванне культур у размове" будзе прысвечаны пераадоленню праблем міжкультурнай камунікацыі.
Вынікам форуму стане зборнік матэрыялаў удзельнікаў, які апублікуюць у
Электроннай бібліятэцы БДУ.
Арганізатарам канферэнцыі выступіў ФФСН.
Падрабязней з праграмай мерапрыемства можна азнаёміцца
тут.