Чатыры каманды БДУ выйшлі ў паўфінал чэмпіянату свету па праграмаванні сярод студэнтаў. Такога права зборныя ганараваны дзякуючы паспяховаму выступленню ў чвэрцьфінале прэстыжнага змагання, якое завяршылася 24 кастрычніка ў Мінску.
Абсалютным пераможцам спаборніцтва стала каманда Латвійскага ўніверсітэта. Другое і трэцяе месцы ў студэнтаў ФПМІ БДУ: "серабро" ў трэцякурснікаў Ягора Дубовіка, Фёдара Карабейнікава і другакурсніка Аляксандра Кернажыцкага. "Бронза" змагання дасталася трэцякурснікам Кірылу Гуліну, Даніілу Мельнічэнку і чацвёртакурсніку Барысу Серанкову.
Усяго па выніках чвэрцьфіналу былі адабраны 17 найлепшых каманд, якія прадставяць рэгіён у паўфінале спаборніцтва – чэмпіянаце Паўночнай Еўразіі. Сярод іх: тры зборныя БДУІР, па дзве каманды Латвійскага ўніверсітэта, Вільнюскага ўніверсітэта і Балтыйскага Федэральнага ўніверсітэта імя І. Канта, а таксама па адным прадстаўніку БНТУ, БрДУ імя А. С. Пушкіна, ГрДУ імя Я. Купалы і Вільнюскага тэхнічнага ўніверсітэта імя Гедыміна.
Нагадаем, удзельнікамі адборачнага этапу спаборніцтваў у Мінску сталі 55 студэнцкіх каманд з 17 універсітэтаў Беларусі, Латвіі, Літвы і Калінінградскай вобласці (Расія). З іх восем зборных выступілі за БДУ.
У чвэрцьфінале студэнтам прапанавалася вырашыць 10 алгарытмічных задач за 5 гадзін. Паводле рэгламенту кожнай камандзе падаваўся адзін камп'ютар. Перамога прысуджалася зборнай, якая рашыла большую колькасць задач за найменшы час.
Паўфінал адбудзецца сёлета ў снежні ў Санкт-Пецярбургу. Фінал пройдзе ў Маскве ў чэрвені 2020 года.








