У БДУ прадставяць вынікі міжнароднага праекта "Інтэграцыя беларускай бізнес-адукацыі ў рэгіёне Балтыйскага мора". Прэзентацыя адбудзецца 28 кастрычніка (вул. Ленінградская, 20, аўд. 516). Пачатак у 9.30.
Пра ход праекта, этапы яго рэалізацыі і галоўныя вынікі распавядзе начальнік аддзела міжнародных праграм і праектаў УМС Аляксандр Рытаў.
Мэтай дадзенай праграмы з'яўляецца вывучэнне запатрабаванняў і патэнцыялу развіцця бізнес-адукацыі ў Беларусі для распрацоўкі перадавых мадэляў адукацыйных праграм у галіне бізнесу і прадпрымальніцтва. У рамках ініцыятывы быў праведзены аналіз рынку бізнес-адукацыі ў Беларусі. Значным мерапрыемствам праекта стала арганізацыя ў чэрвені ў БДУ Міжнароднай летняй школы BEST - business education sprint. У яе працы прынялі ўдзел 30 выкладчыкаў з 14 універсітэтаў Беларусі, Расіі, Германіі, Фінляндыі, Латвіі. Ад БДУ навучанне ў школе прайшлі сем выкладчыкаў
эканамічнага факультэта і
ФМА. Вынікам інтэнсіўнай калектыўнай працы сталі пяць праграм бізнес-навучання ў галіне кіравання IT-інфраструктурай, event-менеджменту і інш.
Праект рэалізаваны сумесна з Саветам дзяржаў Балтыйскага мора (Швецыя).
Даведка.
Савет дзяржаў Балтыйскага мора (СДБМ) створаны ў 1992 годзе. У яго ўваходзяць Германія, Данія, Ісландыя, Латвія, Літва, Нарвегія, Польшча, Расія, Фінляндыя, Швецыя, Эстонія, а таксама Еўрапейская камісія. Прыярытэтныя кірункі працы СДБМ тычацца супрацоўніцтва краін у сферы энергетыкі, адукацыі, культуры, аховы навакольнага асяроддзя, эканамічнага развіцця, грамадзянскай бяспекі і інш. Беларусь з 2009 года мае статус назіральніка пры СДБМ. Наяўнасць дадзенага статусу дазваляе нашай краіне сістэмна ўдзельнічаць у практычнай дзейнасці арганізацыі і ў працэсах супрацоўніцтва з краінамі Балтыкі.