Шэсць дыпломаў рознай вартасці заваявалі студэнты факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ на конкурсе геаінфармацыйных праектаў. Змаганне прайшло 13 лістапада ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню геаграфічных інфармацыйных сістэм (ГІС).
У намінацыі "Прымяненне геаграфічных інфармацыйных сістэм у навуковых і прыкладных даследаваннях" дыпломам I ступені адзначана праца "Прагноз змен у гарадскім асяроддзі Мінска на аснове мадэлі складнасці". Яе аўтарамі выступілі чацвёртакурснікі БДУ Яўген Каліноўскі і Данііл Лядоўскі. Дыплома II ступені ганаравана аспірантка ВНУ Наталля Дарожка за праект "Прымяненне інфармацыйных тэхналогій для аналізу рэгіянальнага клімату Беларусі". Таксама ў дадзенай намінацыі дыплом III ступені заваяваў студэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Дзмітрый Новікаў. Ён прадставіў працу "Выкарыстанне ГІС-платформы MapInfo для правядзення кліматычнага раянавання тэрыторыі горада Віцебска".
У намінацыі "Стварэнне ГІС інфармацыйна-даведкавага і адукацыйнага характару" гран-пры ганаравана праца "Выкарыстанне дадзеных ДДЗ і ГІС-тэхналогій для аналізу цеплавых анамалій зямной паверхні на лясных землях Беларусі". Аўтарам праекта з'яўляецца чацвёртакурсніца БДУ Аляксандра Смагіна. Дыплом II ступені атрымаў студэнт 4 курса ВНУ Канстанцін Даніленка за "Распрацоўку ГІС сельскагаспадарчага прадпрыемства "Палімір-Агра". Дыпломам III ступені заахвочаны студэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Андрэй Бялюк і вучні гімназіі № 1 г. Брэст Дзяніс Рабчук і Павел Буцько. Дзеці прадставілі "Інтэрактыўны праект "Атлас азелянення кварталаў цэнтральнай часткі горада Брэста".
Спецыяльнымі дыпломамі журы адзначаны вучні гімназіі № 1 г. Брэст Марыя Шаўчэнка і Яўген Антонаў за "Інтэрактыўны праект "Дарогі Брэста: драўняныя расліны ў назвах вуліц горада".
У намінацыі "Геадэзічнае і фотаграмметрычнае забеспячэнне ГІС" дыплом I ступені заваяваў чацвёртакурснік БДУ Юрый Давідовіч за ГІС-праект "Распазнанне ўсыханняў драўнянай расліннасці на аэракасмічных здымках". Дыплом II ступені ўручаны трэцякурснікам БДУ Данілу Гутоўскаму і Дзмітрыю Каменеву за працу "Апрацоўка мультыспектральных дадзеных аэрафотаздымкі з беспілотнага лятальнага апарата Sovzond Air-Con 3". Праект студэнта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Дзмітрыя Аўсеенкі "Выкарыстанне дадзеных Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандавання Зямлі для мэт аграманіторынгу" адзначаны дыпломам III ступені.
Усяго на конкурсе было прадстаўлена 20 ГІС-праектаў.