Рус Бел Eng De Cn Es Ar
Рэктар
Рэктар
Абламейка Сяргей Уладзіміравіч
 Абламейка Сяргей Уладзіміравіч, беларус, нарадзіўся ў 1956 г. ў г.п. Воранава Гродзенскай вобласці. У 1978 г. скончыў БДУ па спецыяльнасці “Матэматыка”. З 1978 па 2008 г. – Інстытут тэхнічнай кібернетыкі АН БССР (з 2002 г. – Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі): стажор-даследчык, аспірант, малодшы навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік, з 1986 г. – загадчык лабараторыі, з 1998 г. – намеснік дырэктара, у 2002–2008 гг. – генеральны дырэктар. З 2005 па 2012 г. – акадэмік-сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі. Адначасова з 1989 г. – дацэнт, затым прафесар БДУ (па сумяшчальніцтве). З 2008 г. – рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У 1984 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1990 г. – доктарскую дысертацыю. У 1992 г. яму нададзена вучонае званне прафесара. У 2004 г. быў абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі, у 2009 г. – акадэмікам.
С. У. Абламейка з’яўляецца вядомым навукоўцам у галіне інфармацыйных і касмічных тэхналогій, апрацоўкі малюнкаў і распазнання выяваў. Пад яго кіраўніцтвам і пры яго непасрэдным удзеле распрацаваны тэорыя, метады і алгарытмы апрацоўкі і распазнання графічнай інфармацыі. Фундаментальныя вынікі, атрыманыя ў дадзенай вобласці, набылі шырокую вядомасць. На гэтай аснове ў Беларусі сфармавалася моцная навуковая школа, якая атрымала міжнароднае прызнанне. С.У. Абламейка ўнёс значны ўклад у развіццё інфарматыкі ў Рэспубліцы Беларусь.
Апублікаваў больш 450 навуковых прац, у тым ліку 15 кніг, 35 зборнікаў прац пад яго рэдакцыяй. Кнігі С.У. Абламейкі выдадзены ў ЗША, Вялікабрытаніі, Нідэрландах, Польшчы і іншых краінах. Пад яго кіраўніцтвам і пры яго кансультаванні абаронена 10 прац на саісканне ступені кандыдата тэхнічных навук і 3 дысертацыйныя працы на саісканне ступені доктара тэхнічных навук.
С.У. Абламейка быў старшынёй і сустаршынёй больш 40 міжнародных канферэнцый, якія праходзілі ў Германіі, Італіі, Польшчы, Расіі, Беларусі, і членам праграмных камітэтаў больш 150 міжнародных канферэнцый.
Галоўны рэдактар часопісаў: “Весці НАН Беларусі”. Серыя фізіка-матэматычных навук (з 2005 г.), “Веснік БДУ” (з 2012 г.), “Інфарматыка” (з 2004 па 2010 г.), намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Вышэйшая школа” (з 2009 г.),член рэдкалегій шматлікіх міжнародных часопісаў, якія выдаюцца ў Еўропе, ЗША і Расіі.
У 1998 г. за вялікі ўнёсак у развіццё тэорыі апрацоўкі малюнкаў С. У. Абламейка першым з навукоўцаў з краін СНД і Усходняй Еўропы абраны галоўным членам (Fellow) Міжнароднай асацыяцыі па распазнанні выяваў (IAPR). У 2004–2006 гг. быў віцэ-прэзідэнтам, а ў 2006–2008 гг. – першым віцэ-прэзідэнтам IAPR. Ніколі ў кіраўніцтве гэтай аўтарытэтнай міжнароднай асацыяцыі не было навукоўца з краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Абраны галоўным членам (Fellow) Брытанскага інстытута інжынераў па электратэхніцы (IEE) (1995), старшым членам (Senior Member) Амерыканскага інстытута інжынераў па электратэхніцы і электроніцы (IEEЕ) (1995), інжынерам па Хартыі (Chartered Engineer) Інжынерным саветам Еўропы (2001). Ганаровы прафесар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава (2014), Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта (Кітай) (2013), Універсітэта Бінь Зыонг (г. Хашымін, В’етнам) (2014) і інш.
З’яўляецца акадэмікам (сапраўдным членам) Еўрапейскай акадэміі (2011), Расійскай акадэміі касманаўтыкі імя К.Э. Цыялкоўскага (2012), Іспанскай каралеўскай акадэміі дактароў (2009) і шэрагу іншых акадэмій. Член Прэзідыума НАН Беларусі, Прэзідыума Рэспубліканскага савета рэктараў, Прэзідыума Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў. Старшыня савета па абароне доктарскіх дысертацый пры БДУ.
Навуковы кіраўнік і старшыня навукова-тэхнічнага савета шэрагу дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў. Навуковы кіраўнік дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Інфарматыка і космас” (2011–2015). Быў навуковым кіраўніком расійска-беларускіх праграм “Космас-БР” (2002) (нам. навуковага кіраўніка – 1999–2002 гг.), “Космас-СГ” (2004–2007), “Космас-НТ” (2008–2010), "Суперкамп’ютэры СКІФ” (2002–2004), “СКІФ-Грыд” (2007–2010). З’яўляўся кіраўніком шматлікіх міжнародных праектаў па праграмах КАПЕРНІКУС, ІНТАС, МНТЦ. Быў намеснікам навуковага кіраўніка работ па стварэнні шматфункцыянальнай касмічнай сістэмы Саюзнай дзяржавы (з 2008 г.).
С.У. Абламейка быў навуковым сакратаром (1999–2003) і з 2003 г. з’яўляецца намеснікам старшыні Нацыянальнага савета па космасе Рэспублікі Беларусь. Член камісіі па пытаннях дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, савета па інфарматызацыі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і шэрагу іншых навуковых саветаў. У 2006–2008 гг. быў кіраўніком работ па стварэнні Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандавання Зямлі.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (2003), прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1990), прэміі НАН Беларусі за лепшую манаграфію (1998), прэміі НАН Беларусі за лепшую навуковую працу (2007), сумеснай прэміі НАН Беларусі і Расійскай акадэміі навук (2010) за стварэнне суперкамп’ютэаў СКІФ.
За працы ў галіне інфармацыйных тэхналогій узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (Дзяржаўная ўзнагарода Рэспублікі Беларусь), Ордэнам Дружбы (Дзяржаўная ўзнагарода Расійскай Федэрацыі), медалём Саюзнай дзяржавы “За супрацоўніцтва”, юбілейным знакам Саюзнай дзяржавы “10 гадоў з Дня яднання народаў Беларусі і Расіі”, знакамі Расійскага касмічнага агенцтва “За заслугі ў касманаўтыцы”, “За міжнароднае супрацоўніцтва ў вобласці касманаўтыкі”, “За заслугі ў арганізацыі касмічнай дзейнасці”, медалём Ю.А. Гагарына, медалём Г.С. Цітова Федэрацыі касманаўтыкі Расіі, юбілейным медалём Расійскага касмічнага агенцтва “50 гадоў касмічнай эры”, медалём “90 гадоў Дзяржаўнаму касмічнаму навукова-вытворчаму цэнтру імя М.В. Хрунічава”, медалём Ваенна-касмічных сіл Расійскай Федэрацыі “За выбітны ўнёсак у развіццё касманаўтыкі. Дзевяноста гадоў з дня нараджэння А.А. Максімава”, юбілейным медалём “У гонар 80-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, медалём “За ўнёсак у еўразійскае супрацоўніцтва” Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, бронзавым медалём Норберта Вінэра і іншымі ўзнагародамі.