Газета «Унiверсiтэт»

Газета "Універсітэт" Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

ГІСТОРЫЯ

Газета БДУ "Універсітэт"– адно з найстарэйшых перыядычных выданняў Беларусі. Яшчэ ў 1929 г. убачыў свет першы нумар агульнаўніверсітэцкай шматтыражнай газеты "Ленінскім шляхам". Далей яна выходзіла пад рознымі назвамі. З 1955 г. да 2006 г. газета называлася "Беларускі ўніверсітэт". З верасня 2006 г. існуе як "Універсітэт".  

На старонках выдання знайшла адлюстраванне ўся шматгадовая гісторыя БДУ і краіны ўвогуле. Газета захоўвае і развівае навуковыя, навучальныя і культурныя традыцыі флагмана айчыннай вышэйшай адукацыі – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У розныя гады рэдактарамі і штатнымі супрацоўнікамі "Універсітэта" былі вядомыя дзеячы і журналісты: М.Аўрамчык, Г.Булацкі, А.Воўк, І.Навуменка, А.Лойка, М.Цікоцкі, В.Сікорскі, Б.Стральцоў, А.Нікаленка, В.Вараб’ёў, М.Загорская, Т.Казак. Шмат выдатных аўтараў атрымалі тут сваё прафесійнае станаўленне.

ДАСЯГНЕННІ

У 1982 г. газета была ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, неаднаразова з’яўлялася пераможцам рэспубліканскіх конкурсаў за найлепшае асвятленне моладзевай тэматыкі ў прэсе. Акрамя таго "Універсітэт" прызнаваўся "Найлепшай студэнцкай газетай" на VI Міжнародным фестывалі моладзевай прэсы "Націскай на RECord", якія прайшоў у верасні 2007 г. ва Украіне і атрымаў дыплом за "Найлепшую інтэрнэт-версію" ў конкурсе журналісцкага майстэрства на III Міжнароднай "Зімовай школе журналістыкі" ў лютым 2008 г. У 2009 і 2019 гг. выданне "Універсітэт" станавілася пераможцам V і XV Нацыянальных конкурсаў друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая літара" ў намінацыях "Найлепшая шматтыражная газета" і "Найлепшыя публікацыі навукова-папулярнай тэматыкі".

ЗМЕСТ

Зараз на старонках "Універсітэта" можна знайсці афіцыйную інфармацыю, аналітычныя матэрыялы, публікацыі пра жыццё факультэтаў і дзейнасць астатніх падраздзяленняў, аператыўныя рэпартажы пра самыя важныя падзеі і з’явы ў Белдзяржуніверсітэце, змястоўныя інтэрв’ю з цікавымі асобамі, нарысы пра вучобу, грамадскую актыўнасць, побыт і адпачынак навучэнцаў, пра навукова-даследчую работу выкладчыкаў і студэнтаў і іншае.  

СТАН

Газета "Універсітэт" уваходзіць у структуру Цэнтра карпаратыўных камунiкацый БДУ.

Тыраж 1000 экзэмпляраў. Распаўсюджваецца па тэрыторыі БДУ. Выдаецца 1 раз ў месяц на беларускай мове.

Штат рэдакцыі — 5 чалавек. Рэдактар — Палукошка Уладзіслаў Уладзіміравіч.

Газету "Універсітэт" можна атрымаць у рэдакцыі і дэканатах, а таксама прачытаць у Фундаментальнай бібліятэцы БДУ, чытальных залах і на спецыяльных стэндах на факультэтах, акрамя таго, на ўласным сайце www.gazeta.bsu.by  

АДРАС РЭДАКЦЫІ:
вул. Кальварыйская, 9, каб. 802-804,
тэл. 259-70-65, 259-70-77; e-mail: gazeta@bsu.by